САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1969,

узброены канфлікт паміж СССР і Кітаем у выніку пагаршэння сав.-кіт. адносін у 1960-я г. і нявырашанага пагранічнага пытання. Кіт. бок патрабаваў перагляду рас.-кіт. дагавораў 19 ст. (гл. Айгунскі дагавор 1858, Пекінскі трактат 1860), каб граніца паміж дзвюма краінамі праходзіла па найб. глыбінях рэк Амур і Усуры. У 1950-я г. адпаведныя сав.-кіт. камісіі правялі работу па ўрэгуляванні гэтага пытання і вызначэнні новай граніцы, але з пагаршэннем сав кіт. адносін працэс быў спынены. Адначасова кіт. бок пачаў ва ультыматыўнай форме патрабаваць вырашэння пагранічнага пытання, на сав.-кіт. граніцы ім былі арганізаваны правакацыйныя акцыі хунвэйбінаў і шматлікія парушэнні кіт. пагранічнікамі. 2.3.1969 кіт. ваеннаслужачыя расстралялі на в-ве Даманскі на р. Усуры сав пагранічны нарад. 14—15 сак. тут адбыліся баі паміж сав. і кіт. войскамі з выкарыстаннем артылерыі і ракетных установак; усяго ў выніку канфлікту на Даманскім загінула 58 сав. ваеннаслужачых. 13 жн. некалькі груп кіт. ваеннаслужачых парушылі сав. граніцу ў раёне Жаланашколя (Казахстан). У выніку іх сутыкнення з сав. войскамі былі забітыя і параненыя. Сітуацыю разрадзілі перагаворы 11 вер. ў Пекіне старшынь урадаў СССР і Кітая — А.​М.​Касыгіна і Чжоў Эньлая. Перагаворы па вырашэнні пагранічных пытанняў пачаліся 20 кастрычніка. Канчаткова гэта праблема была ўрэгулявана ў 1990-я.г. пасля вызначэння б.ч. рас.-кіт. граніцы.

т. 14, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)